СЦЁКАВЫЯ ВО́ДЫ,

вадкія адходы, якія ўтвараюцца ў выніку антрапагеннай дзейнасці; адна з асн. крыніц забруджвання вод. Падзяляюцца на камунальныя (гаспадарча-бытавыя), вытворчыя (прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі), жывёлагадоўчыя (сцёкі жывёлагадоўчых комплексаў і ферм), ліўневыя (дажджавыя і ад раставання снегу з забудаваных тэрыторый або палівання вуліц і зялёных насаджэнняў), мяшаныя (камунальныя, вытв. і інш. сцёкі, якія паступаюць у агульную сістэму каналізацыі). Ствараюць пагрозу для здароўя чалавека і навакольнага прыроднага асяроддзя. Ачыстка С.в. адбываецца на ачышчальных збудаваннях (штучны спосаб) і цераз глебу і ваду на палях фільтрацыі і арашэння, біял. сажалках (натуральны спосаб). Нарматыўна-ачышчаныя С.в., якія адпавядаюць нормам якасці, могуць паўторна выкарыстоўвацца для водазабеспячэння. На Беларусі аб’ём С.в. у 1996—2000 складаў каля 1,2 км³/год, у т. л. нарматыўна-ачышчаных 0,9 км³/год.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 15, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)